Сем год таму мы літаральна «акунуліся» ў новыя рэаліі. Фактычна, у першыя месяцы бацькоўства знікла паняцце персанальнай прасторы. У той жа час з’явіліся новыя прыемные адчуванні: замілаванне дачкой, што засынала на маіх руках; адказнасць за яе жыццё і здароўе; непараўнальная радасць ад першых усмешак, крокаў, словаў.
Бацькоўства дазволіла мне ўдасканаліць навыкі тайм-менеджменту. Калі ў сям’і ёсць маленькае дзіця, то адначасовае выкананне некалькіх хатніх абавязкаў становіцца нормай. Прыгатаваць абед, крыху прыбрацца, закінуць вопратку ў пральную машыну, пакуль дачка мірна спіць – становіцца натуральным планаваць працу па доме ў рэжыме нон-стоп. Мы з дачкой разам вучыліся: яна – кранаць, хапаць і трымаць цацкі, а я – мяняць падгузнікі адной рукой.
Сёння я прывязаны да офіса, таму мне не хапае задавальнення ад часу, праведзенага з сям’ёй. Калісьці я ўжо мяняўся з жонкай: яна вярнулася да працы, а мы з дачкой былі дома – вучылі літары, хадзілі на прагулкі, прыдумвалі гульні ды спазнавалі свет. Але мне падалося, што той перыяд (каля года) прайшоў дастаткова хутка, і сёння я мог бы (і хацеў бы) зноў вярнуць сямейны час у свае безумоўныя прыярытэты.
Пакуль спрабую знаходзіць радасць жыцця ў простых рэчах: разам з жонкай і дачкой з’есці марозіва на лавачцы ля дома, намаляваць казачную жывёлу, напекчы кексаў суботняй раніцай, дурэць на канапе, прыдумляць гісторыю для кніжкі. І хоць гэта і не заўжды атрымліваецца, я веру, што менавіта такія моманты застаюцца з намі надоўга.
Узаемаадносіны з дачкой дазваляюць крок за крокам пераадольваць новыя прыступкі ва ўласным развіцці, дзяліцца з Міленай сваімі адносінамі да пэўных маральных каштоўнасцей. Я і сам вучуся ад яе непасрэднасці, любові, летуценням, і буду шчаслівы, калі на працягу жыцця змагу ў адказ дзяліцца з ёй разважлівасцю, дабрынёй, шчырасцю ды вераю ў сябе.
Фота: Юлія Байдак @baidak_julia